ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,

сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)